дом » Скарына » Біяграфія

Біяграфія

Асноўныя штрыхі біяграфіі Ф. Скарыны / Сяргеюс Цемчынас

Францыск Скарына (Франциск Скорина, *каля 1490 у Полацку–†да 29 1552 у Празе) – першы ў Вялікім княстве Літоўскім (і сярод усіх усходніх славян) кнігадрукар, перакладчык, пісьменнік і рэлігійны паэт, асветнік-гуманіст і вучоны (медык і батанік).

З прычыны адсутнасці дакладных гістарычных крыніц біяграфія Францыска Скарыны вядомая прыблізна. Не захавалася ніводнага дакумента, які сведчыў бы пра яго выдавецкую ці літаратурную дзейнасць.

Нарадзіўся ён у Полацку ў сям’і праваслаўнага купца Лукі Скарыны (Лука, Лукиан Скорина, першае ўпамінанне 1492), які гандляваў футрам і скурамі. Полацк, які атрымаў Магдэбургскае права ў 1498 г., на той час быў важным цэнтрам міжнароднага гандлю. Скарына пазней не раз упамінаў яго ў сваіх выданнях як слаўны горад і сваю радзіму. Францыск меў значна старэйшага брата Івана (Иван Скорина), які, як і бацька, займаўся гандлем. Іван упамінаецца ў дакументах 1518 г. як палачанін, а ў 1520 – як жыхар Вільнюса. Пасля смерці Лукі Скарыны (†да 1512), яго справу і маёмасць атрымаў у спадчыну старэйшы сын Іван. Малодшы Францыск маёмасці не меў.

Можна меркаваць, што каталіцкай культурай малодшага Скарыну зацікавілі полацкія бернардынцы (іх кляштар заснаваны тут у 1498), але вывучыў лацінскую мову і атрымаў пачатковую адукацыю ён, хутчэй за ўсё, у Вільнюсе. Сваё імя Францыск атрымае ў гонар апекуна бернардынцаў (і ўсіх францысканцаў) св. Францыска Асізскага, калі пяройдзе з праваслаўя ў каталіцтва, вылучыўшыся гэтым сярод іншых членаў сваёй сям’і, якія мелі праваслаўныя імёны. У такім выпадку імя друкара, дадзенае яму пры першым хрышчэнні, застаецца невядомым (імя Георгій, якое часам сустракаецца, з’явілася ў выніку непаразумення).

Аднак выданні Скарыны сведчаць, што ён таксама вывучаў і царкоўнаславянскую мову, якая традыцыйна ўжывалася ў праваслаўнай літургіі і ўвогуле ў царкоўнай пісьменнасці (яна была пашырана на ўсёй праваслаўнай славянскай – балгарскай, сербскай, Старажытнай Русі – тэрыторыі, таксама на румынскіх і малдаўскіх землях). Акрамя гэтага, Скарына валодаў і русінскай мовай – афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, і кірылічным пісьмом, добра разумеў (а пазней і сам ствараў) неабходныя праваслаўным літургічныя творы.

Такім чынам, Францыск атрымаў падвойную моўную і культурную адукацыю: першай была традыцыйная праваслаўная навука (магчыма, у сям’і), пасля вучыўся ў каталіцкай навучальнай установе. Такая адукацыя была звычайнай справай для маладых русінаў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. Часам яны пераходзілі з праваслаўя ў каталіцтва. Пра тое, што Скарына ведаў і каталіцкія, і праваслаўныя традыцыі, сведчыць такі факт: ён сам напісаў два арыгінальныя акафесты на царкоўнаславянскай мове, упісаўшы ў іх русінскі акраверш сваё імя ў лацінскай форме: (Делал доктор Скоринич Францыскус і Писал доктор Скоринич Францыскус; надрукавана ў Вільнюсе каля 1522).

У 1504–1506 гадах Скарына вучыўся ў Кракаўскім універсітэце (сталіцы Польскага Каралеўства), дзе атрымаў ступень бакалаўра свабодных мастацтваў (г. зн. граматыкі, логікі, рыторыкі, арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі і музыкі). Пазней, невядома дзе, атрымаў ступень магістра, сур’ёзныя медыцынскія веды. У 1512 г. ён звярнуўся з просьбай да калегіі Падуанскага ўніверсітэта дазволіць яму бясплатна здаваць экзамен на атрыманне ступені доктара медыцыны. Выдатна здаўшы экзамен (без наведвання лекцый), Скарына атрымаў жаданую навуковую ступень. Пазней гэты тытул ён заўсёды з гордасцю называў у сваіх выданнях.

У 1517–1519 гг. у Празе Скарына выдаў кірыліцай 23 кнігі Старога Запавету, якія склалі яго Біблію Руску. Рыхтуючы да друку кірылічны тэкст, у якасці асноўнай крыніцы выкарыстоўваў выдадзеную ў 1506 г. у Венецыі Чэшскую Біблію. Немалую частку тыражу шасці выдадзеных у 1517–1518 гг. кніг фінансаваў вільнюскі купец, гарадскі радца і бургамістр Багдан Онкаў (Богдан Онков, упамінанні ў крыніцах 1508, 1510, 1514, 1527), які пераехаў у сталіцу са Смаленска (у 1508 г. ён быў яшчэ радцам гэтага горада).

Каля 1520 г. Скарына пераязджае ў Вільнюс, дзе ў доме галоўнага бургамістра Якуба Бабіча (Якуб Бабич, упамінаецца ў 1519, 1521, 1522, 1527, гарадскі радца 1525) заснаваў першую на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага друкарню. Прыблізна ў 1522 г. выдаў тут Малую падарожную кніжку (Малая подорожная книжка), якую склалі Псалтыр і літургічныя тэксты (22 часткі гэтай кнігі спецыялісты лічаць асобнымі выданнямі), а ў 1525 г. – Дзеі і лісты апосталаў (Апостол), гэта адна частка Новага Запавету. У той жа час Скарына быў асабістым лекарам і сакратаром каталіцкага біскупа Яна з літоўскіх князёў (1523–1535).

Пасля 1525 г. Францыск ажаніўся з Маргарытай, удавой вільнюскага радцы і бургамістра Юрыя Адверніка (Георгий Одверник, упамінаецца ў 1521 i 1523), якая мела нерухомую маёмасць у Вільнюсе. Выйшаўшы замуж за Францыска, яна фінансава ўдзельнічала ў гандлёвых справах яго брата Івана. Пасля 1530 г. жанчына памерла.

На пачатку 1530 г. Францыск усяго некалькі месяцаў быў лекарам прускага герцага Альбрэхта Брандэнбургскага, аднак з-за сваіх асабістых спраў вяртаецца назад у Вільнюс. Герцаг піша вялікаму канцлеру літоўскаму і вільнюскаму ваяводу Альберту Гоштаўту, што Скарына тайна вывез  двух яго падначаленых: доктара-яўрэя і друкара, якіх герцаг просіць вярнуць у Прусію.

Пасля вяртання ў Вільнюс Францыск зноў служыў у біскупа Яна. У 1532 г. крэдыторы Івана Скарыны (†1529): яўрэі Майсей і Лазар з Варшавы ды Якуб з Познані, паскардзіліся каралю Жыгімонту Старому, што Францыск Скарына вінен ім за свайго нябожчыка брата, але не хоча аддаваць грошы і хаваецца. У хуткім часе Скарына быў зняволены і некалькі месяцаў правёў у турме ў Познані. Сын і нашчадак Івана Раман, прыехаўшы з Гданьска, засведчыў, што яго дзядзька не адказвае за даўгі свайго брата. У той жа год сваёй прывілеяй гэта пацвердзіў кароль Жыгімонт Стары.

Ў 1535 г. Скарына вяртаецца ў Прагу, дзе працуе садоўнікам у караля Чэшскага і Венгерскага Фердынанда I Габсбурга. Абвінавачаны ў нядбайнай працы, у 1539 годзе Францыск наведаў Вену, дзе звярнуўся да караля, які яго апраўдаў, але загадаў вызваліць ад службы.

Дакладная дата смерці Скарыны невядомая. Яго малодшы сын Францішак загінуў у Празе падчас пажару 1541 года. Старэйшы, Сімяон, на пачатку 1552 г. звяртаецца па дапамогу да Фердынанда І Габсбурга, які сваім указам ад 29 І 1552 паведамляў пра смерць “свайго садоўніка“ і загадваў усім падначаленым аказваць дапамагу Сімяону ў атрыманні бацькавай спадчыны. Сімяон застаўся жыць у Чэхіі, быў доктарам і садоўнікам, як і яго бацька. У 1584 г. Сімяон быў яшчэ жывы. У Полацку засталіся сваякі Скарыны (там, выйшаўшы замуж, жылі дзве яго пляменніцы: дочкі брата Івана), яны ўпамінаюцца яшчэ ў 1605 г. Генеалогія іх нашчадкаў прасочваецца да нашых дзён.