дом » Пасля Скарыны

Пасля Скарыны

Пасля Скарыны. Кнігадрукаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім / Дайва Нарбуцене

З самага пачатку кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. кнігі тут выдаваліся не на адной якой-небудзь, а на розных мовах: русінскай, польскай, лацінскай, літоўскай, нямецкай, грэчаскай, італьянскай і інш. Сістэматычны іх друк пачаўся дастаткова позна. У Вільнюскай друкарні Францыска Скарыны ў 1522–1525 гг. было надрукавана толькі дзве кнігі. Патрэбы ВКЛ у друкаваных выданнях у 1526–1553 гг. задавальняліся выдадзенымі ў замежжы і прывезенымі ў краіну рознымі людзьмі выданнямі.

Абапіраючыся на вядомыя факты, можна сцвярджаць, што ў XVI ст. у ВКЛ было выдадзена больш за 500 кніг (лічачы назвы). Большасць кніг была выдадзена на лацінскай мове – каля 220. Кніг на польскай мове ў XVI ст. у ВКЛ выйшла каля 200, русінскай і царкоўнаславянскай – больш за 60, нямецкай – каля 30, па адной кнізе на эстонскай, грэчаскай, італьянскай, латышскай і шведскай мовах. Літоўскіх кніг надрукавана 30 (8 – у Літве, 22 – у Прусіі).

Першая друкаваная кніга на літоўскай мове – Катэхізіс Мартынаса Мажвідаса – з’явілася ў 1547 г. не на тэрыторыі ВКЛ, а ў суседняй Усходняй Прусіі, правіцель якой Альбрэхт Брандэнбургскі (*1490–†1568) заахвочваў і фінансава падтрымліваў выданне кніг на нацыянальных мовах. З’яўленне першых літоўскіх выданняў у тагачасным ВКЛ звязана з контррэфармацыяй і заснаваннем у Вільнюсе ў 1579 г. езуіцкай акадэміі. Мяркуецца, што Даніэл з Лянчыцы (Daniel z Łęczycy, †1600), які працаваў на езуітаў, прыблізна ў 1585 г. надрукаваў Катэхізіс св. Пятра Канізія (Petrus Canisius, *1521–†1597), перакладзены з лацінскай мовы на літоўскую. У тыя ж часы ў Вільнюсе былі апублікаваны пераклады каталіцкага катэхізіса на латышскую, эстонскую і русінскую мовы. У 1595 г. у Вільнюсе ў друкарні езуіцкай акадэміі быў надрукаваны перакладзены з польскай мовы ксяндзом Мікалоюсам Даукшам (*паміж 1527–1538–†1613) Катэхізіс, альбо Навука, для кожнага хрысціяніна абавязковая іспанскага езуіта Якуба Лядэсмы (*1519–†1575) – першая дайшоўшая да нашых дзён літоўская кніга часоў ВКЛ.

Сярод выдадзеных у ВКЛ у XVI ст. на розных мовах кніг пераважала рэлігійна- тэалагічная літаратура: выданні Святога Пісання і яго частак, Псалтыры, творы, прызначаныя для царкоўнай практыкі, канфесійная палеміка. Сярод выданняў свецкага характару вылучаюцца дзяржаўныя юрыдычныя дакументы, школьныя падручнікі, мастацкая літаратура. Тэматыка і жанравая разнастайнасць асабліва пашырыліся ў другой палове XVI ст., калі ў Вільнюсе пачалі працаваць прыватныя і інстытуцыйныя друкарні.

У сярэдзіне XVI ст. выданнем кніг пачалі займацца некаторыя магнаты, яны адкрывалі друкарні ў сваіх маёнтках і не шкадавалі грошай на іх дзейнасць. У 1553 г. першую такую друкарню заснаваў у Брэст-Літоўску вільнюскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны (*1515–†1565), запрасіўшы з Кракава Бярнарда Ваяводку і Андрэя Тжэцэцкага. У к. 1553–пач. 1554 г. яны выдалі малы і вялікі лютэранскія катэхізісы, вядомыя як Брэсцкія катэхізісы. З 1558 г. гэтую друкарню ўзначальвалі Станіслаў Мурмэліус (†пасля 1570) i Цыпрыян Базылік (*каля 1535–†пасля 1591). Да закрыцця друкарні ў 1570 г. выйшла каля 40 прызначых пратэстантам кніг, надрукаваных выключна на “гутарковай” польскай мове.

Самая важная і значная праца гэтай друкарні – выдадзены 4 верасня 1563 г. пераклад Бібліі. Гэта першая польская евангелісцкая Біблія і першае ў ВКЛ Святое Пісанне, выдадзенае на гутарковай мове. Для яе падрыхтоўкі і выдання было сканцэнтравана нямала міжнародных сіл. Пераклад Бібліі з яўрэйскай і грэчаскай моў, далучаючы таксама лацінскія тэксты, быў выкананы ў кальвінісцкім цэнтры ў Пінчува (Малая Польшча). Гэты выдадзены тыражом у 500 экземпляраў выдатна ілюстраваны фаліянт сёння лічыцца шэдэўрам паліграфіі XVI ст.

З дапамогай М. Радзівіла Чорнага ў 1562 г. у Нясвіжы заснаваў друкарню Мацей Кавячынскі (Kawieczyński; †да 1572). Фінансаваў адкрыццё друкарні і маршалак надворны літоўскі Яўстафій Валовіч (†1587). Значная часта твораў была надрукавана тут на русінскай і польскай мовах. У 1562 г. у Нясвіжы выйшлі надрукаваныя кірыліцай дзве кнігі, падрыхтаваныя дзеячам рэфармацыі, на той час клецкім прапаведнікам, Сымонам Будным (*каля 1530–†1593): Катэхізіс (Катехизис) і Аб апраўданні грэшнага чалавека перад богам (Об оправдании грешного человека пред Богом). Выданне Катэхізіса ў 1562 г. азнаменавала адраджэнне пачатага сорак год назад у Літоўскім княстве русінскага друку. У 1570–1572 гг. у Нясвіжы і Заслаўі, куды пасля смерці М. Кавячынскага былі перавезены друкарскія станкі, выйшаў новы пераклад на польскую мову Святога Пісання, падрыхтаваны
С. Будным.

У друкарні М. Кавячынскага ў Нясвіжы ў 1564 г. надрукавана першая ў ВКЛ лацінская кніга – палемічны твор арыянскага тэолага Гжэгажа Паўла з Бжэзін (Grzegorz Paweł z Brzezin, *1525–†1591) Антыдот супраць пунктаў новае веры (Antidotum contra articulos fidei novae). Гэтая друкарня, дзе друкаром працаваў Лянчыцкі, дзейнічала да 1572 г. Там было надрукавана больш за дзесяць кніг на польскай і лацінскай мовах. Калі Нясвіж перайшоў у рукі вярнуўшагася ў каталіцызм Мікалая Кшыштафа Радзівіла Сіроткі (*1549–†1616), пратэстанцкая друкарня засталася без падтрымкі. Яе набыў і перавёз у свой маёнтак Лоск апякун літоўскіх арыян Ян Кішка (*1547–†1592). Тут прадоўжыўся друк кніг гэтага рэлігійнага напрамку на польскай і лацінскай мовах. Да канца 1574 г. друкаром у Лоску працаваў Лянчыцкі, які, акрамя іншых кніг, надрукаваў пераклад Новага Запавета Буднага (1574). Пасля ад’езду Лянчыцкага каля станка стаў Ян Карцан (†1611), які прыбыў з Кракава. Калі і ён выехаў, у 1580 г. друкарня Кішкі спыніла сваю працу. Праз некаторы час, у 1586–1589 гг., ёю кіраваў Фелікс Балемаўскі, які выдаў чатыры важныя для арыян кнігі – апошнія з 20-ці вядомых выданняў гэтай друкарні.

Традыцыя русінскага друку ў другой палове XVI ст. працягвалася ў Заблудаве, якое належала вялікаму гетману ВКЛ Рыгору Хадкевічу (*каля 1505–†1572), тут знайшлі прытулак пачынальнік друку ў Маскве Іван Фёдараў (*каля 1510–†1583) і выхадзец з ВКЛ яго кампаньён Пётр Мсціславец. Тут у 1569 г. імі было выдадзена Евангелле вучыцельнае (Евангелие учительное), а ў 1570 г. – Псалтыр з Часаслоўцам (г.зн. малітоўнік, Псалтирь с Часословцем). Прыблізна ў той самы час дзейнічала яшчэ адна русінская друкарня. Пра гэта сведчаць дзве падрыхтаваныя і выдадзеныя кнігавыдаўцом, перакладчыкам, арыянінам Васілём Цяпінскім-Амельяновічам (*паміж 1530 i 1540–†каля 1604), які жыў у маёнтку Цяпіна (цяпер вёска Цяпіна ў Віцебскай вобласці) кнігі: Евангелле (Евангелие) i Катэхізіс, альбо Асновы навукі для дзяцей (Катехизис, или сума науки для детей). Захаваліся два дэфектныя экземпляры першай кнігі, а з навучальнай – толькі адна старонка.

У 1574 г. у Вільнюсе заснавалі друкарню Лука і Кузьма Мамонічы. Першыя рэлігійныя кнігі надрукаваў у ёй у 1574–1576 гг. Мсціславец. У 1580–1582 гг. тут працаваў друкаром Васіль Гарабурда, які выдаў яшчэ дзве прызначаныя праваслаўным кнігі. У 1586 г. друкарня Мамонічаў з дапамогай магната Льва Сапегі (*1557–†1633) атрымала прывілей караля Стэфана Баторыя на выключнае права друкаваць і распаўсюджваць на тэрыторыі Рэспублікі Абодвух Народаў афіцыйныя дакументы ВКЛ і праваслаўную літаратуру на царкоўнаславянскай, русінскай, грэчаскай мовах. У 1588 г. тут быў выдадзены на русінскай мове, падрыхтаваны клопатам Л. Сапегі, трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага (Статут Великого Княжества Литовского), які вытрымаў яшчэ два выданні (1592–1593 i 1594–1595) кірыліцай, а у 1614, 1619 гг. у той самай друкарні быў выдадзены і на польскай мове.

Друкарня Мамонічаў, якая дзейнічала ў тым самым будынку, дзе за пяцьдзясят год да таго друкаваў кнігі Скарына, сімвалізавала працяг традыцый першадрукара ВКЛ. Да яе закрыцця ў 1624 г. тут пабачылі свет больш за 50 кірылічных выданняў.

З 1580 г. у сталіцы Літвы з’яўляецца яшчэ больш новых друкарняў (большых і зусім малых), якія працавалі фрагментарна і выпусцілі ўсяго па некалькі кніг. У 1580 г. з Лоска ў Вільнюс прыбыў Карцан і заснаваў прыватнае выдавецтва. Выдадзеныя тут кнігі адрозніваюцца высокай паліграфічнай якасцю, бездакорнай рэдактарскай работай і разнастайнасцю тэм, што тлумачылася шырокім кругаглядам выдаўца. Ён выдаў на польскай і лацінскай мовах значныя помнікі пісьменнасці ВКЛ: навуковыя кнігі (напрыклад, першую ў Літве медыцынскую працу – у 1581 г. на польскай мове і ў 1584 г. на лацінскай), мастацкія творы (напрыклад, створаны Янам Радванам на лацінскай мове гераічны эпас Радвіліада, 1592), падручнікі, палемічныя творы і да т.п.

Пазіцыі Вільнюса як цэнтра кнігадрукавання асабліва ўмацаваў яшчэ адзін важны выпадак. У 1575 г. М. К. Радзівіл Сіротка падарыў Вільнюскай езуіцкай калегіі атрыманую ў спадчыну ад бацькі Радзівіла Чорнага і перавезеную з Брэста ў Вільнюс друкарню. Спачатку там працавалі толькі чатыры чалавекі: два наёмныя работнікі і два езуіты. У XVI ст. тут працавалі Лянчыцкі (1576–1578, 1592–1593), Ян Шлянцкі (Slęcki, Ślęcki, 1579–1580), Мартын з Казімежа (Kazimiriensis, 1581–1582), Крыстаф Волбрамчык (Wołbramczyk), Крыстаф Патр (альбо Патрон, лац. Patro) і некаторыя іншыя асобы. Першай выдадзенай тут кнігай (1576) быў напісаны на лацінскай мове палемічны твор першага рэктара Вільнюскай акадэміі Пятра Скаргі За найсвяцейшую Еўхарыстыю супраць ерасі Цвінглі (Pro sacratissima Eucharistia contra Zuinglianam, ad Andream Volanum). У тыя самыя часы тут былі надрукаваны некалькі лістоў на лацінскай і польскай мовах Якуба Уханьскага (*1502–†1581). Яго польскі ліст – першы друкаваны ў Вільнюсе тэкст на польскай мове. Да XVIII ст. галоўнай мовай выдадзеных тут кніг была лацінская. Іх за XVI ст. было выдадзена 87 (на польскай мове – 40, літоўскай – 2 альбо 3).

У 1581–1582 гг. пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Рудога (*1512–†1584) пачала дзейнічаць друкарня вільнюскіх пратэстантаў-евангелістаў. Яе заснаваў Лянчыцкі, які пакінуў каталіцкую друкарню езуіцкай акадэміі. У 1591 г. ён перайшоў у каталіцтва і вярнуўся ў друкарню акадэміі. Калі ў 1594 г. ён адкрыў сваю друкарню, супрацоўніцтва з езуітамі не спыніў. Прызначаныя для вільнюскіх пратэстантаў-евангелістаў кнігі друкаваліся яшчэ ў друкарнях Саламона (*1564–†1603) і Улрыха Султцэра ў 1596–1603 гг. Вядома 12 выйшаўшых у гэтай друкарні выданняў, 11 з іх напісаны на лацінскай мове.

У 1598 г. Мяркел Пяткевіч (*каля 1550–†1608) заснаваў друкарню для выдання пратэстанцкіх кніг, у той самы год ён выдаў ім самім падрыхтаваны Польскі і літоўскі катэхізіс – універсальную кнігу, у якой, акрамя катэхізіса, змяшчаліся псалмы, малітвы і абрадавыя тэксты на літоўскай і польскай мовах. Гэта першая кніга пратэстантаў Літвы, надрукаваная на літоўскай мове. Яшчэ адна літоўская кніга – перакладзеная з польскай мовы Мікалаем Рэем (Rej, *1505–†1569) Пасціла – у 1600 г. была выдадзена Якубам Моркунам (*каля 1550–†пасля 1611), які працаваў друкаром у Вільнюскай абшчыне пратэстантаў-евангелістаў у 1592–1607 гг.

У XVI ст. да выдання кніг у сталіцы Літвы далучаецца праваслаўная друкарня. У 1589 г. намаганнямі брацтва Святой Троіцы быў атрыманы прывілей друкаваць на грэчаскай, царкоўнаславянскай, русінскай і польсках мовах кнігі для патрэб праваслаўнай царквы і школ. Рэальна выданне кніг брацтва (ўжо – Святога Духа) пачало толькі ў 1595 г. Падчас ідэалагічных войн з-за аб’яднання праваслаўных з Рымскім каталіцкім касцёлам у дзейнасці гэтай друкарні асабліва актыўны ўдзел прымалі браты Лаўрэнцій і Стэфан Зізаніі. На працягу 1595–1596 гг. тут выйшла 10 кірылічных выданняў, сярод якіх палемічны твор С. Зізанія Казанне Кірыла, патрыярха іерусалімскага, аб антыхрысце (Казанье Кирилла, патриарха иерусалимского, об антихристе), таксама падрыхтаваная Л. Зізаніем Граматыка славянская (Грамматика славянская) з Букваром. У 1596 г. з друкарні брацтва Святога Духа выйшла і першая кніга на грэчаскай мове Дыялог. Яе аўтаряры праціўнік уніі патрыярх Александрыйскай Грэчаскай Артадаксальнай Царквы Мілецій Пігас (*1549–†1601).

У Вевісе (1610–1646) і Вільнюсе да 1749 г. дзейнічала друкарня брацтва Святога Духа, якую лічылі спадкаемцай скарынаўскай друкарні, таму што тут аж да 1640 г. выкарыстоўваліся некаторыя дошкі элементаў ўпрыгожвання яго вільнюскіх выданняў.

Такім чынам, пачатая Скарынам асветніцкая праца ў сталіцы дзяржавы праклала шлях друку шматмоўнай, шматканфесійнай і шматкультурнай арыентацыі. Да самага канца XVII ст. у ім дамінавала лацінская друкаваная кніга. І гэта не здзіўляе, таму што выданне кніг на лацінскай мове было усеагульнай з’явай еўрапейскай культуры XV–XVII стст. (часткова і XVIII ст.).