дом » Асэнсаванне памяці » Беларусі

Беларусі

Ушанаванне памяці пра Францыска Скарыну ў Беларусі / Аляксандр Груша 

Францыск Скарына для Беларусі – гэта не проста прывабны гістарычны дзеяч, да якога праяўляюць любоў і сімпатыю сучаснікі. Гэта не проста папулярная асоба, інфармацыя аб якой механічна і пасіўна фіксуецца і транслюецца. Гэта нават не проста “нацыянальны герой”, імя якога ва ўсіх на слыху, уклад і значэнне якога не падлягаюць сумневу. Для беларусаў вобраз Скарыны – ідэальны, ён пазбаўлены нюансаў і паўтонаў. Ацэнка вялікіх талентаў і заслуг Скарыны з’яўляецца бясспрэчнай.

Вобраз Скарыны ў Беларусі з’яўляецца адным з самых значных аб’ектаў сацыяльна арганізаванай калектыўнай памяці. Гэты вобраз асэнсоўваецца і перажываецца ў сувязі з грамадскімі мэтамі і каштоўнасцямі. Памяць пра Скарыну мела і мае свае мэты, свае наратывы, кананічныя тэксты, “месцы памяці”, зоны замоўчвання, культурныя формы і практыкі.

У супольнасць памяці, аб’яднаную ўспамінам пра Скарыну, Савецкая Беларусь ператварылася ў першыя гады свайго існавання. Памяць пра Скарыну амаль адразу набыла публічны і афіцыйны характар. Вобраз Скарыны быў ідэальным з пункту гледжання выбару яго ў якасці аб’екта калектыўнай памяці. Ён быў зручны. Скарына быў выхадцам з беларускага Полацка, што ён сам рэгулярна падкрэсліваў у сваіх выданнях. Такім чынам, Скарыну не трэба было “дзяліць” ні з палякамі, ні з літоўцамі, ні з рускімі. Вобраз Скарыны адпавядаў савецкай ідэалогіі. Бо Скарына служыў на карысць простага народа. Да таго ж ён выкарыстаў друкаванае слова, якое садзейнiчала справе сацыяльнага “вызвалення працоўных”. У сувязі з гэтым вобраз Скарыны цалкам упісваўся ў прывабны гераічны наратыў. Гэты вобраз валодаў асаблівай прэстыжнасцю. Апеляцыя да аддаленай эпохі, у якой жыў Скарына, сцвярджала старажытнасць беларускай нацыі. Да таго ж Скарына быў вучоным чалавекам: ён меў універсітэцкую адукацыю, атрымаў высокія навуковыя званні. Дадзены вобраз мусіў годна прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне і абуджаць патрыятызм беларускага народа.

Вобраз Скарыны як аб’ект калектыўнай памяці нарадзіўся ў асяроддзі беларускай гуманітарнай інтэлігенцыі і актыўна распаўсюджваўся Інстытутам беларускай культуры – першай, заснаванай у 1922 г., навуковай установай маладой беларускай рэспублікі. І ў далейшым Акадэмія навук Беларусі, у якую ў 1928 г. быў рэарганізаваны гэты інстытут, адыгрывала галоўную ролю ў вывучэнні жыцця і дзейнасці Скарыны, ініцыяванні і арганізацыі мемарыяльных мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму дзеячу.

Ператварыўшыся ў аб’ект культурнай памяці, вобраз Скарыны стаў пераадкрывацца, перапрацоўвацца, мадэлявацца ў адпаведнасці з запатрабаваннямі цяперашняга часу і планамі на будучыню. Памяць пра Скарыну была мабілізавана ў мэтах сцвярджэння ўнікальнай ідэнтычнасці беларускага народа, нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва, патрыятызму, абгрунтавання сацыяльных зменаў. Гэтая памяць не з’яўляецца стабільным канструктам. Тым ці іншым з названых мэтаў аддаваўся прыярытэт у залежнасці ад бягучых задач.

У Савецкай Беларусі 20-х гадоў XX ст. вобраз Скарыны служыў у першую чаргу абгрунтаванню нацыянальнай ідэнтычнасці, мэтам нацыянальнага будаўніцтва і сацыяльных зменаў. Недастаткова было сфармаваць і вылучыць вобраз памяці, гэты вобраз трэба было захоўваць, узгадваць, асаблівым чынам рэпрэзентаваць, сфармаваць асобы канон успамінаў. У 1925 г. чакалася юбілейная дата – 400-годдзе выхаду ў свет першай датаванай, выдадзенай у Вільні, кнігі Скарыны (выхад Малой падарожнай кніжкі адносілі да больш позняга часу). Было вырашана адзначыць гэтую дату шырока і ўрачыста. Пры Інстытуце беларускай культуры была створана спецыяльная Скарынінскі камісія, якая распрацавала план Усебеларускага святкавання 400-годдзя беларускага друку.

Планавалася, што для арганізацыі і правядзення ўрачыстасцяў у рэгіёнах будуць дзейнічаць адмысловыя юбілейныя камісіі, у мерапрыемствах прымуць шырокі ўдзел культурныя ўстановы БССР, прафсаюзы друкароў, школы, іншыя арганізацыі. Намячалася, між іншым, выдаць для школ кароткі нарыс жыцця і дзейнасці Скарыны, партрэты Скарыны, надаць імя Скарыны некаторым установам адукацыі і культуры, выбіць памятны медаль, устанавіць у Мінску і Полацку памятныя дошкі, выпусціць зборнік навуковых артыкулаў, брашуру пра Скарыну, закласці помнік Скарыну ў Полацку.

Юбілей адзначаўся ў рэспубліцы паўсюдна. У газетах і часопісах былі апублікаваныя навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы, прысвечаныя Скарыну. Галоўным мерапрыемствам юбілею, і не толькі ў навуковым плане, стала канферэнцыя, праведзеная Інстытутам беларускай культуры і Беларускім дзяржаўным універсітэтам. У 1927 г. выйшаў у свет юбілейны навуковы зборнік, у аснову якога ляглі яе матэрыялы, 400-лецьце беларускага друку (выданне датавана 1926).

У 1925 г. у Мінску, у сувязі са святкаваннем юбілею, з’явіліся артэфакты, звязаныя з дзейнасцю Скарыны, носьбіты памяці пра яго. Было набыта 10 выдадзеных ім кніг з калекцыі ленінградскага бібліяфіла Валяр’яна Камарніцкага. Кнігі былі перададзены ў Беларускую дзяржаўную і ўніверсітэцкую бібліятэку (так называлася тады Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Гэтыя кнігі экспанаваліся ў снежні 1926 г. на кніжнай выставе, прымеркаванай да юбілею. З гэтага часу выстава кніг Скарыны стане абавязковым атрыбутам святкаванняў, прысвечаных юбілеям кнігадрукавання і Скарыны. З’явілася вобласць прысутнасці Скарыны ў сучаснасці. У 1926 г. адна з цэнтральных вуліц Мінска атрымала імя Францыска Скарыны.

У 20-х гадах вобраз Скарыны стаў увасабляцца ў творах мастацтва і на тэатральнай сцэне. Партрэт Скарыны мастака Якава Кругера, а таксама бюст Скарыны скульптара Абрама Бразера экспанаваліся ў 1925 г. на Першай Усебеларускай мастацкай выставе ў Мінску. У пачатку 1926 г. у час святкавання юбілею ў Мінску была пастаўлена першая п’еса пра Скарыну Скарына – сын з Полацка, напісаная Міхаілам Грамыкам.

Тэма Скарыны моцна загучала ў паэзіі і мастацкай прозе. У 1926 г. быў выдадзены першы эпічны твор пра Скарыну – аповесць Сымона Хурсіка Францішак Скарына. З гэтага твора ў жанрах прозы і драматургіі стала фарміравацца асаблівае апавяданне пра Скарыну: ці занадта спрошчанае і мадэрнізаванае, або знарочыста ўскладненае, свабоднае ад уліку гістарычных фактаў.

У канцы 20-х гадоў пад ціскам кіруючых органаў партыі нацыянальна-культурныя памкненні беларусаў былі згорнутыя. Скарыну – “сярэднявечнаму манаху”, “прадстаўніку былых пануючых класаў”, як яго назваў адзін з партыйных лідэраў, не знайшлося месца ў партыйнай і дзяржаўнай ідэалогіі, сярод каштоўнасцяў прапагандуемай пралетарскай культуры. Памяць беларусаў пра Скарыну стала палохаць партыю. У шанаванні гэтага вобраза ўлады ўгледзелі праяўленне нацыянальнай буржуазнай палітыкі, не сумяшчальнай з савецкай ідэалогіяй. Святкаванне 400-годдзя беларускага друку было расцэнена як “шумная нацыяналістычная дэманстрацыя”. У 30-х гадах тэма Скарыны была забароненай, аб ім у Беларусі наогул не пісалі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны адносіны да Беларусі, якая ўнесла ўклад у перамогу, сталі больш памяркоўнымі. Пачынаюць збольшага падтрымлівацца яе пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці, тым больш, што яны разглядаліся як частка савецкага патрыятызму. Скарыну, яшчэ нядаўна зусім забытага, прыгадалі зноў – на гэты раз ужо як яркага прадстаўніка гісторыі культуры ўсходнеславянскіх народаў, пачынальніка беларускай літаратурнай мовы, асветніка і патрыёта сваёй радзімы.

Імпульс рэабілітацыі вобраза Скарыны прыйшоў з мастацкай літаратуры. На патрыятычнай хвалі Міхась Клімковіч стварыў драматычную паэму, а Мікола Садковіч і Яўген Львоў напісалі гістарычны раман (у далейшым ён неаднаразова перавыдаваўся), прысвечаныя Скарыну. Гэты раман выклікаў крытыку, якая стала падставай для арганізацыі ў 1948 г. дыскусіі ў АН БССР. Гэтая дыскусія ў выніку і прывяла да дадзенай рэабілітацыі.

У пасляваенны час, дзякуючы ў значнай ступені аўтарытэтнай думцы беларускага вучонага акадэміка Уладзіміра Перцава, дзейнасць і погляды Скарыны былі ўпісаны ў марксісцка-ленінскае вучэнне аб гістарычным прагрэсе. Да заслуг Скарыны былі аднесены яго прыхаваная апазіцыя супраць дамаганняў царквы на манапольнае валоданне “боскай” ісцінай, ведамі, садзейнічанне ў развіцці беларускай літаратурнай мовы, кнігадрукавання, а таксама беларускі патрыятызм. Крыху пазней афіцыйны канон Скарыны быў канчаткова структураваны. Скарына быў абвешчаны перадавым прадстаўніком класа гараджан, носьбітам прагрэсіўнай культуры, які выступаў у апазіцыі да феадалізму і сярэднявечнай ідэалогіі, буржуазна-дэмакратычным гуманістам і прадстаўніком буржуазнай ідэалогіі. Скарына апынуўся пад абаронай дзяржаўнай ідэалогіі, а палажэнне аб тым, што кнігадрукаванне першапачаткова імкнулася да сапраўднай народнасці і масавасці друкаванага слова, зрабіла яго персону ў пэўнай ступені адной з апор дадзенай ідэалогіі. Ідэалагізаваны вобраз Скарыны стаў часткай культурнай памяці пра яго. З канца 40-х–50-х гадоў XX ст. навукоўцы, літаратары, мастакі, скульптары, тэатральныя рэжысёры і журналісты з запалам сталі канструяваць вобраз Скарыны – першадрукара, вялікага гуманіста, асветніка і патрыёта. У 1960 г. імя Скарыны ўвайшло ў вучэбны дапаможнік для сярэдняй школы.

Стварэнне кананічнага тэксту пра Скарыну значна стымулявала навуку. У вывучэнне асобы, дзейнасці і спадчыны Скарыны стала ўключацца ўсё большая колькасць беларускіх навукоўцаў розных спецыяльнасцяў. Даследаванні пра Скарыну набылі актыўны і сістэмны характар і вяліся ў розных кірунках: гістарыяграфія Скарыны (Марат Батвіннік), жыццё і дзейнасць, асяроддзе (Мікалай Алексютовіч, Валянціна Чапко, Георгій Галенчанка і інш.), мова выданняў Скарыны (Міхаіл Суднік, Аркадзь Жураўскі, Уладзімір Анічэнка, Міхаіл Булахаў, Аляксандр Булыка, Аляксей Парукоў, Леў Шакун і інш.), яго светапоглядныя, этычныя, эстэтычныя і іншыя погляды (Алексютовіч, Уладзімір Конан, Сямён Падокшын і інш.), літаратурная спадчына (Сцяпан Александровіч, Віктар Дарашкевіч, Аляксандр Коршунаў, Вячаслаў Чамярыцкі), кнігавыдавецкая дзейнасць (Галенчанка, Коршунаў), мастацкае і паліграфічнае афармленне кніг Скарыны (Віктар Шматаў). На службу Скарыніяне была пастаўлена работа па выданні твораў Скарыны (Коршунаў), складанні каталога выданняў Скарыны (Коршунаў). Вобраз Скарыны павінен быў выразна адпавядаць пануючым ідэалагемам. Але каб выканаць гэтае патрабаванне, давялося многае ў дзейнасці і поглядах Скарыны “нацягнуць”, перабольшыць або, наадварот, пераменшыць і сказіць.

Выяўленчае мастацтва стварала велічныя, моцныя, высакародныя і ахвярныя вобразы Скарыны. Гэта былі вобразы вучонага мужа эпохі Адраджэння (Заір Азгур, 1947; Іван Ахрэмчык, 1953; Сямён Герус, 1967; Васіль Шаранговіч, 1971, і інш.), першадрукара-настаўніка (Ісаак Давідовіч, 1968), вучонага-светача (Анатоль Зайцаў, 1966; Ілья Немагай, 1966; Аляксей Марачкін, 1978, і інш.), асветніка (Лазар Ран, 1957; Пётр Сергіевіч, 1960; Эдуард Астаф’еў, 1978, і інш.), друкара-рамесніка (Аляксей Глебаў, 1954, 1967; Сяргей Вакар, 1964, і інш.). Скарына-светач стаў героем дакументальнага фільма (1963, аўтар сцэнарыя Іларыён Барашка), тэатральнай сцэны (у 1978 г. у Гродна, а ў 1979 г. у Мінску быў пастаўлены спектакль Напісанае застаецца па п’есе Алеся Петрашкевіча).

Наратыў памяці пра Скарыну стаў аб’ектам пераказаў рознымі членамі грамадства, дзякуючы, у тым ліку, шматлікім папулярным і навукова-папулярным публікацыям пра Скарыну, экспазіцыям прысвечаных Скарыну твораў выяўленчага мастацтва ва ўстановах культуры і адукацыі.

У 1967 г. святкаваўся 450-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання. У адрозненне ад юбілею беларускага друку, які адзначаўся ў 1925 г., у аснову гэтага была пакладзена дата выхаду першай кнігі Скарыны. Канон святкавання юбілею, што датычыцца жыцця і дзейнасці Скарыны, адпавядаў таму канону, які быў звязаны з самымі значнымі падзеямі ў гісторыі рэвалюцыйнага руху, гісторыі СССР, у тым ліку, канону святкавання Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.

Урачыстае пасяджэнне, прысвечанае юбілею, адбылося ў канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі партыйных і савецкіх арганізацый, прамысловых і іншых прадпрыемстваў, дзеячы культуры, навукі, пісьменнікі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі першыя асобы рэспублікі: Старшыня Савета міністраў БССР, сакратары ЦК КПБ, а таксама прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт АН БССР, народныя мастакі, іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, госці з дзевяці савецкіх рэспублік. На святкаванне юбілею быў запрошаны вядомы скарынавед з Чэхаславакіі прафесар Антоній Флароўскі. Прайшла юбілейная сесія АН БССР. На філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася навуковая канферэнцыя.

Улады санкцыянавалі пашырэнне вобласці прысутнасці вобраза Скарыны ў сучаснасці. У 1967 г. імя Скарыны стала насіць адна з вуліц Мінска (ранейшая вуліца Скарыны была перайменаваная ў 1933). У Полацку быў закладзены помнік Скарыну. Мітынг, прысвечаны яго закладцы, адкрыў першы сакратар Полацкага гарадскога камітэта партыі. На мітынгу выступілі віцэ-прэзідэнт АН БССР Кандрат Астраховіч (Кандрат Крапіва), кіраўнікі органаў кіравання СССР і БССР. Белае покрыва з мемарыяльнага каменя на месцы будучага помніка было знята пад велічныя гукі гімнаў СССР і БССР. Помнік Скарыну быў усталяваны ў 1974 г. У яго адкрыцці прымаў удзел Старшыня Вярхоўнага Савета БССР, народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Такім чынам, у 1974 г. адбылося тое, што планавалася зрабіць амаль 50 гадоў таму.

У 70–80-х гадах вобраз Скарыны стаў аб’ектам асабістага асэнсавання і асабістых перажыванняў вялікай колькасці прыхільнікаў асветніка. З афіцыйнай прасторы гэты вобраз перамясціўся ў асабістую прастору. Розныя выявы Скарыны (у творах выяўленчага, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) сталі прыватнай уласнасцю яго прыхільнікаў.

У 1986 – 1990 гг. адзначаўся 500-гадовы юбілей Скарыны. Гэта быў апагей мемарыяльнай Скарыніяны. Святкаванне гэтага юбілею супала па часе з глыбокім крызісам савецкай сістэмы, імкненнямі нацыянальных і новых палітычных эліт да адраджэння нацыянальных форм культуры, да дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Вобраз Скарыны быў перафармуляваны ў адпаведнасці з новымі нацыянальнымі і палітычнымі памкненнямі і чаканнямі. Гэты вобраз павінен быў надаць гэтым памкненням і чаканням асаблівае значэнне. Імя Скарыны ператварылася ў палітычны рэсурс. Як дадзены рэсурс яно было сакралізавана. Вось адна з цытат у прэсе за 1990 г.: “Як прарок Беларусі, Скарына абвясціў роўнасць свайго народа сярод народаў свету… У сённяшняй пагрозлівай для існавання беларускай культуры сітуацыі мы адчайна звяртаемся да аўтарытэту Скарыны, мы запэўніваем сябе і іншых: вось наш Хрысціцель…“.

У 1986 г. былі праведзены Першыя скарынаўскія чытанні, арганізаваныя Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Гэтыя чытанні праходзілі ў залах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР, дзе была арганізавана выстава, прысвечаная вобразу Скарыны ў выяўленчым мастацтве.

У 1990 г. свята, прысвечанае 500-годдзю Скарыны, аб’яднала розныя пласты насельніцтва рознага стану і рознага ўзросту. Цэнтрамі святкавання былі сталіца – Мінск, і родны горад Скарыны – Полацк.

Адбылася юбілейная сесія АН БССР. У Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета БССР прайшло ўрачыстае пасяджэнне, адкрытае намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР, і канцэрт. У Мінску адбыліся іншыя мемарыяльныя мерапрыемствы: прэс-канферэнцыя з удзелам членаў рэспубліканскага аргкамітэта па святкаванні юбілею, выставы.

Знакам высокага афіцыйнага прызнання заслуг Скарыны стала заснаванне ў 1989 г. дзяржаўнай узнагароды – медаля Францыска Скарыны, першай па часе заснавання з сучасных узнагарод. У 1990 г. яе атрымалі першыя ўзнагароджаныя.

У 1990 г. новы навучальны год ва ўсіх навучальных установах Беларусі пачаўся са Скарынаўскага ўрока. Гэтае мерапрыемства сведчыла аб радыкальнай змене ідэалагічнага курсу, бо да гэтага навучальны год пачынаўся з урокаў міру, дзе ўзгадвалі правадыра савецкага народа У. І. Леніна. Да свята былі прапанаваныя новыя мемарыяльныя практыкі. Пашырылася вобласць прысутнасці Скарыны ў сучаснасці. У 1988 г. імя Скарыны было прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. У Мінску на вуліцы, якая атрымала ў 1989 г. імя Францыска Скарыны (ранейшая і цяперашняя назва гэтай вуліцы – Акадэмічная), была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Скарыны. У 1991 г. імя Скарыны стала насіць галоўная магістраль Мінска – цяперашні праспект Незалежнасці. У Полацку адбылася закладка парка імя 500-годдзя Скарыны. У 1989 г. быў аб’яўлены конкурс аб стварэнні ў Мінску помніка Скарыну. У мэтах увекавечання памяці Скарыны за мяжой было прынята рашэнне аб усталяванні яму помніка ў г. Празе, а таксама мемарыяльных дошак у гарадах Кракаве, Падуі і Празе. Усе гэтыя падзеі актыўна трансліраваліся праз сродкі масавай інфармацыі.

Канец 80-х–пачатак 90-х гадоў XX ст. былі самымі плённымі ў плане колькасці, аб’ёму і навуковага ўзроўню даследаванняў. У Беларусі ці беларускімі аўтарамі за межамі рэспублікі былі выдадзеныя і перавыдадзеныя больш за паўтара дзясятка буйных навуковых прац, прысвечаных Скарыну, сярод іх манаграфіі (аўтары Галенчанка, Яўген Неміроўскі, Шматаў, Ігнат Дварчанін, Булыка і інш.), зборнікі навуковых артыкулаў і матэрыялаў канферэнцый, альбом гравюр Скарыны, зборнік твораў Скарыны, зборнік дакументаў, якія асвятляюць жыццё і дзейнасць Скарыны, бібліяграфія прац пра Скарыну, факсімільнае выданне кніг Бібліі Скарыны, энцыклапедыя пра Скарыну – дарэчы, першая персанальная энцыклапедыя ў гістарыяграфіі сусветнай гісторыі кнігі і кніжнай справы. Гэта быў гістарыяграфічны трыумф Скарыны.

Сёння памяць пра Скарыну па-ранейшаму з’яўляецца здабыткам публічнай прасторы Беларусі. Сучасная культура гэтай краіны ўзносіць і культывуе імя і справы Скарыны, складае яму гімн. Яго па-ранейшаму называюць “тытанам эпохі Адраджэння”, “выбітным еўрапейцам-гуманістам”, “адной з самых яркіх зорак беларускай і сусветнай культуры”, “духоўным апосталам Беларусі”, “вялікім сынам беларускага народа”. Скарына стаў самым вядомым гістарычным дзеячам Беларусі. Сёння імя Скарыны носяць вуліцы і завулкі амаль усіх абласных цэнтраў Беларусі (акрамя Гродна), амаль паловы раённых цэнтраў. Наогул, яго імя ўвекавечана ў назвах вуліц амаль 90 населеных пунктаў Беларусі. Асабліва ўшаноўваецца Скарына ў Полацку, дзе яму ўстаноўлены помнік, ёсць вуліца, праспект і плошча, гімназія, бібліятэка, якія носяць яго імя, дзейнічае паліграфічнае прадпрыемства “Спадчына Францыска Скарыны”. Помнікі Скарыну ўстаноўлены ў Мінску (два помнікі: адзін устаноўлены ў 1999 г., другі – ў 2005 г., хоць і быў адліты ў канцы 90-х гадоў XX ст.) і ў Лідзе (у 1993 г.). У 1995 г. быў заснаваны ордэн Францыска Скарыны. З’явіліся новыя тэатральныя пастаноўкі, прысвечаныя Скарыну.

У цяперашні час вобраз Скарыны служыць мэтам патрыятычнага выхавання моладзі і легалізацыі Беларусі ў сям’і еўрапейскіх народаў, спрыяе дыялогу Беларусі з іншымі краінамі, узмацненню кантактаў Усходу і Захаду, сцвярджэнню адзінства беларускай і еўрапейскай культур.

Зараз Беларусь рыхтуецца да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, які адбудзецца ў 2017 г. У гэтай падрыхтоўцы вялікая роля належыць Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, якая набывае лічбавыя копіі выданняў Скарыны, выдае яго кнігі факсімільным спосабам, папулярызуе вобраз Скарыны, у тым ліку сярод падрастаючага пакалення, сумесна з іншымі арганізацыямі і ўстановамі рэалізуе творчыя праекты па тэматыцы Скарыны, арганізуе выставы кніг Скарыны, у тым ліку тых, якія захоўваюцца ў замежных кнігасховішчах.

Але ўсё ж краіна яшчэ чакае нагоды, каб скарыстацца афіцыйнай памяццю пра Скарыну для сцвярджэння Беларусі на міжнароднай арэне. Які канон успамінаў пра Скарыну рыхтуе нам 2017 г.?