дом » Скарына » Скарына і Літва

Скарына і Літва

Скарына і Літва. Малая падарожная кніжка і Дзеі і лісты апосталаў / Сяргеюс Цемчынас

З Вялікім Княствам Літоўскім Францыск Скарына быў звязаны больш чым з якой іншай краінай. Тут – у Полацку – ён нарадзіўся, не раз упамінаў у сваіх выданнях гэта слаўнае месца як сваю радзіму. У Вільнюсе ён атрымаў пачатковую адукацыю, пазней дастаткова доўга (прыблізна з 1520 да 1536 гг.) жыў тут, займаючы пасаду асабістага лекара і сакратара вільнюскага каталіцкага біскупа Яна з князёў літоўскіх (*18 І 1499–†18 ІІ 1538), тут ажаніўся і гадаваў дзяцей, надрукаваў некаторыя свае кнігі.

Выданне падрыхтаваных Скарынам кніг падтрымалі ўплывовыя жыхары Вільнюса, без фінансаў каторых гэтыя выданні наўрад ці пабачылі б свет. Немалую частку тыражу шасці выйшаўшых у Празе ў 1517–1518 гг. кніг фінансаваў вільнюскі купец, гарадскі радца і бургамістр Багдан Онкаў (Богдан Онков). У доме старшага вільнюскага бурмістра Якуба Бабіча Францыск заснаваў першую ў ВКЛ і ўвогуле на ўсіх усходнеславянскіх землях друкарню.

Мова ўсіх выданняў Скарыны адлюстроўвала моўную сітуацыю ў ВКЛ: менавіта тут сфарміравалася традыцыя паралельна ўжываць дзве пісьмовыя славянскія мовы: царкоўнаславянскую (функцыянавала ў царкоўных кнігах праваслаўных) і русінскую (выкарыстоўвалася ў свецкіх тэкстах, была афіцыйнай дзяржаўнай мовай). Сінтэз гэтых дзвюх моў бачым у кнігах Скарыны: яны выдадзены на царкоўнаславянскай мове з элементамі мовы русінскай (у Бібліі і літургічных тэкстах іх менш, а ў прадмовах і пасляслоўях больш).

У Літоўскай дзяржаве жыла мэтавая скарынаўская аўдыторыя, да якой ён звяртаўся: “мае браты русіны”. У той час так называлі ўсіх усходніх славян (таксама і жыхароў Масковіі). Аднак Скарына ўсё ж такі ў першую чаргу меў на ўвазе русінаў ВКЛ (агульных продкаў сучаных беларусаў і ўкраінцаў), да якіх ён сам належыў. У прадмове да свайго першага выдання Францыск тлумачыў, што заахвоціла яго ўзяцца за выданне кніг кірыліцай:  “у першую чаргу з-за таго, што ўседаравальны Бог мяне з гэтага народу ў свет прывёў“ (Псалтыр, Прага, 1517, л. 3v). Хоць сам Скарына быў каталіком, аднак яго выданні былі прызначаны праваслаўным. Пра гэта сведчаць такія факты: яго Псалтыр праваслаўны (150 псалмоў аб’яднаны ў 20 раздзелаў, дадаткова змешчаны 151 псалом); надрукаваны ў Малой падарожнай кніжцы тэкст Верую не мае важных для каталікоў слоў filioque „і Сына”, а ў царкоўным календары гаворыцца пра праваслаўных, а не каталіцкіх святых; жанр акафіста таксама больш блізкі да праваслаўных традыцый.

У Вільнюсе Скарына выдаў дзве кнігі: Малую падарожную кніжку (Малая подорожная книжка, каля 1522) і Дзеі і лісты апосталаў (Апостол, 1525). Іх агульны аб’ём амаль удвая меншы за выдадзенае ў Празе. Вільнюскія выданні нярэдка двухкаляровыя – асноўны тэкст надрукаваны чорным колерам, тлумачэнні – чырвоным (у Празе так выдадзена толькі Песня песням), мастацкае афармленне больш сціплае (значна менш гравюр), меншы фармат, больш дробны шрыфт (стары шрыфт Пражскіх выданняў выкарыстоўваўся толькі для загалоўкаў).

Малую падарожную кніжку складаюць: Псалтыр, Часасловец (Часослов) і іншыя дадаткі літургічнай паэзіі: восем акафістаў (царкоўных літургічных песень, падчас выканання якіх нельга было сядзець), восем канонаў, Шасцідневец (Шестоднев), Канон пакаяльны (Канон покаяльный) і Паслядоўнасць царкоўнага сходу (Последование церковного собрания). 22 часткі гэтай кнігі спецыялісты лічаць асобнымі выданнямі, якія сам выдавец задумваў як адно цэлае: усе яны ў пасляслоўі самім выдаўцом названы Малая падарожная кніжка. Дата друку вызначана паводле змешчанай у ёй Пасхаліі (са шматлікімі звесткамі па астраноміі), дзе былі ўказаны даты, на якія выпадае Вялікдзень, пачынаючы з 1523 г. (значыць, кніга выдадзена каля 1522). У пасляслоўі да Часаслоўца ўказана месца выдання: у вельмі слаўным горадзе Вільнюсе.

Малая падарожная кніжка мае яшчэ адну яркую рысу царкоўнаславянскай пісьменнасці ВКЛ – шырокае ўжыванне новаствораных акафістаў у XVI‒XVIII стст., калі зацікаўленасць гэтым жанрам у Маскоўскай Русі была яшчэ мізэрнай. Самы вядомы твор гэтага жанру, сусветна прызнаны шэдэўр візантыйскай літаратуры – грэчаскі Акафіст Маці Божай, які яшчэ называецца Вялікі Акафіст альбо проста песнь Акафіста – напісаны невядомым аўтарам у пачатку V‒VI стст. і гіпатэтычна прыпісваемы св. Раману Мелоду (†каля 556) альбо іншым аўтарам. З сяр. XIV ст. паводле гэтага Акафіста пішуцца іншыя грэчаскія творы падобнай структуры ў гонар Госпада, Маці Божай, святых, і слова акафіст пачынае азначаць не канкрэтны тэкст, а песенны жанр. У той час створаны цыкл тыдневых грэчаскіх акафістаў (па аднаму акафісту на кожны дзень тыдня), якія сталі асновай для асобнай кнігі – Акафісніка.Славянскі збор Акафістаў першы раз быў апублікаваны Скарынам у Малой падарожнай кніжцы. Тут былі змешчаны 8 акафістаў на царкоўнаславянскай мове (з элементамі русінскай мовы), 7 з каторых утваралі тыднёвы цыкл – па аднаму акафісту на кожны дзень тыдня, за выключэннем чацвярга (яму прысвечаны два тэксты: Акафіст Святым апосталам Пятру і Паўлу і Акафіст Св. цудатворцу Міколу) і суботы (няма акафіста); дадатковы восьмы Акафіст Ісусу – для штодзённага выканання.Два з гэтых акафістаў створаны самім Скарынам: з іх першых літар складаецца славянскі акраверш (з першых літар радкоў песень складаюцца сказы), у якім запісана лацінская форма імя аўтара: “Напісаў доктар Скарыніч Францыскус“ (для выканання ў аўторак прызначаны Акафіст св. Іаану Прадцечы) і “Рабіў доктар Скарыніч Францыскус“ (Акафіст Ісусу).

Другое вільнюскае выданне Дзеяў і лістоў апосталаў перадае традыцыйны літургічны тэкст царкоўнаславянскай мовай з прадмовамі самога выдаўца, якія аблягчалі разуменне Святога Пісання. У кнізе дакладна названы месца і дата выдання. Тэкст Бібліі (нязначна папраўлены паводле выдадзенай у 1506 г. у Венецыі Чэшскай Бібліі) надрукаваны чорнай фарбай,  дадатковыя рубрыкі (назва кнігі на тытульным лісце, выдзяленні пачатку і канца літургічных раздзелаў і адпаведных дзён тыдня на палях, ўказанні на парадак чытання некаторых раздзелаў) – чырвоным. У асноўным тэксце чырвоны колер выкарыстаны толькі ў частцы тыражу: у большасці захаваўшыхся экземпляраў дадатковая інфармацыя надрукавана чорным, як і тэкст самой Бібліі. Толькі ў адным экземпляры гэтай кнігі захавалася тлумачэнне чырвонага колеру. Тут Скарына, між іншым, піша, што пераклаў усе – Старога і Новага Запавету – кнігі Бібліі (але нам сёння вядомыя далёка не ўсе). Вільнюскія выданні Скарыны арыентаваны на асвету шырокай грамадскасці і навучанне простых людзей: іх асноўны змест склалі Псалтыр, Часаслоў, Дзеі і лісты апосталаў – якраз тыя кнігі, якія традыцыйна выкарыстоўваліся праваслаўнымі для развіцця пачатковых навыкаў пісьма: з іх чытання пачыналася фарміраванне граматнасці (кірылічныя буквары з’явіліся пазней).

Вядома 17 поўных альбо частковых рукапісных копій Малой падарожнай кніжкі і 11 – Дзеяў і лістоў апосталаў (1568–1890). Большасць такіх рукапісаў функцыянавала на русінскіх тэрыторыях ВКЛ і Польскага Каралеўства, іншыя напісаны ў маскоўскіх і сербскіх землях.