дом » Асэнсаванне памяці » Літва

Літва

Асэнсаванне памяці пра Скарыну. Літва / Сігітас Нарбутас 

Узнікненне памятных месцаў, звязаных з асэнсаваннем значэння Скарыны для Літвы, датуецца першай паловай ХХ ст. Як шмат дзе ў суседзяў, так і ў Вільнюсе ў 1925 г. адзначаўся 400-гадовы юбілей русінскага друку. У той час з’явіліся працы пра Скарыну наступных аўтараў: Людвіка Абрамовіча (Ludwik Abramowicz-Niepokόjczycki, *5 VII 1879–†9 III 1939) і Адама Станкевіча (Адам Станкевіч, *6 I 1892–†4 XII 1949). Абрамовіч прысвяціў Скарыну першы раздзел сваёй манаграфіі Cztery wieki drukarstwa w Wilnie, звязаўшы такім чынам з гэтым іменем пачатак кнігадрукавання ў Вільнюсе, і, дададзім, ва ўсім ВКЛ. Станкевіч надрукаваў невялікую манаграфію Доктар Францішак Скарына першы друкар беларускі, 1525–1925, вытрымаўшую два выданні ў тыя гады.

У міжваенны час памяць пра Скарыну была ўвекавечана па меншай меры двума вільнюскімі беларускімі калектывамі: у назвах студэнцкага саюза і друкарні. Ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў тыя часы дзейнічаў асобны Беларускі студэнцкі саюз. 11 ІІ 1935 Сенат зацвердзіў статут яшчэ аднаго – Беларускага акадэмічнага саюза імя Францыска Скарыны, які абвяшчаў сябе непалітычнай арганізацыяй. Члены гэтага саюза імкнуліся выхоўваць патрыятызм, адданасць народу і Радзіме. Гэта ажыццяўлялася ў розных навуковых і культурных формах. Здаецца, дзейнасць саюза спыніла рэарганізацыя 15 XII 1939 вышэйшай школы ў Вільнюскі ўніверсітэт.

У 1926–1940 гг. у Вільнюсе дзейнічала Беларуская друкарня імя Ф. Скарыны. Заснавальнікам яе быў вядомы беларускі палітык, культурны дзеяч кс. Адам Станкевіч. У 1926–1930 гг. друкарня знаходзілася ў доме па адрасе Леіклос, 1, у 1930–1936 гг. – Піліма, 6а, пазней – Піліма, 1. Мяркуючы па захаваўшыхся рахунках, у ёй друкаваліся кнігі, брашуры, статуты розных таварыстваў, бланкі, этыкеткі і пад.

У Літоўскай Рэспубліцы ў міжваенны час Скарына ўслаўляўся пераважна намаганнямі беларускай інтэлігенцыі. З усіх публікацый пра яго вылучаецца выдадзеная ў 1926 г. у Каўнасе Гісторыя беларускай кнігі Вацлава Ластоўскага (*8 XI 1883–†23 I 1938). У ёй выданням Скарыны надаецца асабліва шмат увагі, узносіцца народнасць мовы і высокі мастацкі ўзровень выданняў.

Пасля Другой сусветнай вайны імя пачынальніка друку ў Літве праслаўлялася часцей за ўсё на афіцыйных урачыстасцях. У савецкія часы яго роля асэнсоўвалася ў працах гісторыка кнігі, шматгадовага дырэктара бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта праф. Льва Уладзімірава (*11 ІІІ 1912–†20 ІІ 1999). У 1955 г., з нагоды 430-годдзя выдання Скарынам кніг, у Вільнюсе з’явілася невялікая праца Уладзімірава Францыск Скарына – пачынальнік вільнюскага друку (Pranciškus Skorina – Vilniaus spaudos pradininkas, 1956). З нагоды 450-годдзя вільнюскага друку, у 1975 г., выйшаў дапоўнены пераклад гэтай кнігі на рускую мову і зборнік дакладаў міжнароднай канферэнцыі (Франциск Скорина и некоторые вопросы развития книги в Советском Союзе, 1979), арганізаванай з той самай нагоды Уладзіміравым у Вільнюскім універсітэце. З нагоды 470-годдзя выхаду Малой падарожнай кніжкі ў 1992 г. выйшла яшчэ адна кніга прафесара – Францыск Скарына: першадрукар Вялікага княства Літоўскага (Pranciškus Skorina: pirmasis Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės spaustuvininkas).

З 450-гадовага юбілею першай у ВКЛ кнігі памяць пра Скарыну пачала ўвекавечвацца не толькі ў пісьмовых працах. У 1973 г. у Вільнюсе, у Друкарскім дворыку, які знаходзіцца на вуліцы Сціклю, 4 (Стары горад), была ўсталявана дэкаратыўная, з ружовага граніту, скульптура “Летапісец” (скульптар Вацлавас Круцініс). У памяць аб друкарні, якая знаходзілася ў доме Мамонічаў, і ўшанаванне памяці пра Скарыну.

У сталіцы аднавіўшай незалежнасць Літвы памяць пра Скарыну увекавечана некаторымі іншымі памятнымі знакамі. У 1990 г. на доме па вуліцы Дзіджёі, 19/2 (Стары горад) адкрыта мемарыяльная дошка з барэльефам друкара і надпісам на літоўскай і беларускай мовах аб тым, што з 1522 да 1525 гг. у горадзе Вільнюсе Скарына надрукаваў першыя ў ВКЛ кнігі. У 2010 г. на сцяне вуліцы Літэрату (Стары горад) побач з творамі, прысвечанымі іншым вядомым вільнюсцам, з’явілася прысвячэнне Скарыну (мастак Угне Жыліце).

Пра ператварэнне імені Скарыны ў месца памяці сведчыць і з’яўленне яго ў прасторы мастацкай літаратуры. У 2001 г. выйшла кніга эсэ празаіка і драматурга Эміліі Легуце Францыск Скарына: пакінуць славу і памяць сваю (Pranciškus Skorina: palikti šlovę ir atminimą savo), у тым самым годзе ўзнагароджаная прэміяй Вільнюскага клуба і Вільнюскага тэлебачання.

Іменем Скарыны ў Літве названы дзве вуліцы: адна – у Вільнюсе, у раёне Новага горада (у царскія часы называлася Добрая, пазней, да 1940 г., – Добра), другая – у вёсцы Лаворышкі (Вільнюскі раён).

Ці не важнейшым помнікам першадрукару ўсходніх славян можна лічыць названую яго іменем гімназію. Яе гісторыя пачынаецца 15 VI 1994. У той час у сталіцы, на вуліцы Сеціна, 21 (раён Каралінешкес) была адкрыта 68-я сярэдняя школа з беларускай мовай навучання. 25 ІІІ 1997 рашэннем Вільнюскага гарадскога савета 68-ай сярэдняй школе было прысвоена імя Францыска Скарыны. 15 ІІ 2013 рашэннем савета сталічнай мэрыі “Аб ператварэнні (структуры) Вільнюскай сярэдняй школы імя Францыска Скарыны” сярэдняй школе імя Францыска Скарыны быў нададзены статус гімназіі. Асноўная мова навучання ў ёй – беларуская, частка прадметаў выкладаецца па-літоўску. З 2 XII 2015 гімназію ўзначальвае настаўніца беларускай мовы Дзіяна Стахновіч.

18 XI 2016 вучні гэтай гімназіі прымалі ўдзел ва ўшанаванні памяці Скарыны і ўскладанні кветак да памятнай дошкі друкару. Урачыстаць была арганізавана старшынёй беларускага культурнага таварыства “Сябрына” Валянцінам Стэхам пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Літве і Вільнюскай мэрыі. На наступны дзень у Літоўскім клубе пісьменнікаў прайшлі Скарынаўскія чытанні “Кніжная традыцыя Вялікага княства Літоўскага”. З паведамленнямі выступілі навукоўцы з Літвы, Расіі і Беларусі.

Гледзячы на сціплую колькасць знакаў з выявамі Скарыны ў сённяшняй незалежнай Літве, можна пашкадаваць, што іх няшмат. У першую чаргу Скарына дарагі адным з нашчадкаў русінскай культуры ў ВКЛ – беларусам Літвы. Гэтая акалічнасць дапамагае ім абгрунтоўваць сваю нацыянальную самабытнасць, культурную тоеснасць у коле іншых суполак Літвы. Падобна можа быць і з літоўскімі ўкраінцамі, яшчэ аднымі нашчадкамі русінскай культуры ВКЛ. Скарына ж свае працы адрасаваў усім братам-русінам Літвы.

Частцы сучаснай літоўскай грамадскасці Скарына павінен быць яшчэ больш важным – і таму, што з’яўляемся нашчадкамі дзяржаўных, культурных, рэлігійных, навуковых і мастацкіх традыцый ВКЛ, і таму, што Скарына пазначае некалькі значных падзей і пачатак працэсу мадэрнізацыі і еўрапеізацыі Літвы.