дом » Да Скарыны
Да Скарыны
Развіццё літоўскай пісьменнасці да Скарыны / Рыма Цыцэнене
Пачатак літоўскай пісьменнасці звязаны з першым каралём Міндоўгам (*каля 1238–†1263) і дзяржавай, якой ён кіраваў. У XIII ст. у ёй жылі не толькі літоўцы, але і русіны, немцы; крыху пазней з’явіліся яўрэі, татары і караімы. Дзяржава не была аднароднай і з пункту погляду рэлігіі: у ёй пашыралася хрысціянства як лацінскага, так і славянскага абрадаў.
У сярэдзіне ХІІІ ст. Міндоўг разам са сваім дваром прыняў хрысціянства. Гэта стварыла спрыяльныя ўмовы для дзейнасці каталіцкай царквы і пашырэння пісьменнасці на тэрыторыі Літвы. Разнастайныя прывілеі, карэспандэнцыя, дароўныя дакументы, што захаваліся да нашых дзён, сведчаць, што пачатак пісьменнасці ў дзяржаве быў на лацінскай мове. Мяркуецца, што для хрышчэння Міндоўга з нямецкай мовы на літоўскую ўпершыню была перакладзена малітва “Ойча наш”.
У той жа час у праваслаўным акружэнні сына Міндоўга вялікага князя Войшалка (*1223–†1269) з’явіліся першыя ў ВКЛ літаратурныя творы. У 1257 г. у Лаўрышаве (цяпер Навагрудскі раён, Беларусь) ён заснаваў ці не самы першы на тэрыторыі ВКЛ манастыр. Тут каля 1262 г. мог быць створаны адзін такі літаратурны помнік – перапісаны пераклад сусветнай – Грэцыі, Рыма і Візантыі – хронікі, называемай Хранограф, візантыйскага гісторыка Іаана Малалы (*каля 491–†578). Гэты твор захаваўся, і дайшоў да нашых дзён у спiсах XV–XVI стст.
З сярэдзіны XIV ст. у жыцці дзяржавы зацвердзіліся пісьмовыя дакументы, а практычная і літургічная пісьменнасць развівалася на некалькіх асноўных мовах: лацінскай, старажытнай грэчаскай, нямецкай, царкоўнаславянскай і русінскай. Правіцелі Літвы Вітаўт (*каля 1295–†1316), Гедымін (*каля 1275–†1341), Альгерд (*каля 1296–†1377) пабудавалі новыя храмы ў Навагрудку, Вільнюсе, Троках. Яны сталі новымі цэнтрамі развіцця пісьменнасці. Каля 1316 г. Канстанцінопалем была зацверджана асобная праваслаўная мітраполія; яе цэнтрам стаў Навагрудак, які належыў сыну Гедыміна Карыяту (альбо Міхаілу Гедымінавічу, *пасля 1300–†каля 1362). Па ініцыятыве апошняга каля 1329 г. у манастыры ў Лаўрышаве было перапісана Евангелле. Гэтая самая ранняя з захаваўшыхся напісаная на царкоўнаславянскай мове ў адпаведнасці з традыцыямі гары Афон рукапісная кніга ВКЛ.
Пасля хрышчэння па каталіцкаму абраду ў 1387 г. і ў 1413–1417 гг. літоўскія правіцелі заняліся евангелізацыяй краю, фарміраваннем інстытутаў кіравання – двара і канцылярыі, стварэннем сістэмы адукацыі. Толькі пабудаванаму Вільнюскаму кафедральнаму сабору першы Пасіянал – Залатая легенда, альбо Святыя казанні Іакава Варагінскага (*1228–†1298) – падаравала каралеўская пара Ягайла (*каля 1351–†1434) і Ядвіга (*1374–†1399). Крыху пазней Псалтыр біскупу Мацею (1422–1453) падарыў і вялікі князь Вітаўт (*каля 1350–†1430). Пазней у Літве стала больш з’яўляцца сусветнай літаратуры: творы антычных аўтараў, сярэднявечная дыдактычная, энцыклапедычная, філасофская, мастацкая, гістарыяграфічная, геаграфічная, касмаграфічная і юрыдычная літаратура. Яна была як у манастырах, так і ў прыватных бібліятэках.
З праваслаўнай традыцыяй звязаны і ранейшыя – к. XIV–пач. XV ст. – літаратурныя тэксты на царкоўнаславянскай мове, якія захаваліся ў рукапісных кодэксах ВКЛ. У 1375 г. мітрапалітам Кіеўскім, Літоўскім і Рускім быў прызначаны Кіпрыян (*каля 1330–†1406). У гісторыі ён вядомы сваёй асаблівай увагай да абнаўлення і распаўсюджвання царкоўнай літаратуры, а таксама спробамі надзяліць праваслаўную царкву ў Польшчы і ВКЛ спецыфічнымі рысамі. Мітрапаліт сам перакладаў на царкоўнаславянскую мову некаторыя тэксты канстанцінопальскага патрыярха Філафея (1353–1354 і 1364–1376), падрыхтаваў новую рэдакцыю гісторыі жыцця Кіеўскага мітрапаліта Пятра, павучэнні, іншыя тэксты.
Выключнай пісьменнасцю з ХІІ ст. славіўся Смаленск (ВКЛ належыў у 1395–1514). У 8 яго манастырах працавалі добра адукаваныя біскупы, ігумены, іерэі і манахі. У гэтым горадзе ў 1428 г. быў створаны і ў кодэксе запісаны правобраз Пахвалы Вітаўту. Мяркуецца, што прыблізна ў той жа час (каля 1428–1430) у акружэнні біскупа Герасіма (†1435) у Смаленску быў напісаны і Летапіс Вялікіх князёў Літоўскіх. Першая частка кароткага зборніка – славянская, у ёй расказваецца гісторыя ад пачатку Кіеўскай Русі; другая расказвае гісторыю літоўскіх князёў ад Гедыміна да 1446 года. Абедзве гэтыя часткі аб’яднаныя жаданнем абгрунтаваць права Вітаўта на кіраванне ВКЛ і карону, паказаць мінулае Кіеўскай Русі як часткі дзяржавы. Тут былі выкарыстаны два апавядальныя стылі – славянскіх летапісаў і заходніх хронік.
Складанае палітычнае і рэлігійнае становішча прымусіла Ягайлу і Вітаўта прыняць удзел у абмеркаванні праблем аб’яднання абрадаў грэчаскай і лацінскай цэркваў. Гэтую ідэю на саборы ў Канстанцы (1414–1418) узняў мітрапаліт Рыгор Цамблак (*каля 1364–†1419 альбо 1420), высказалася шляхта з Жэмайціі, якая там прысутнічала. Такая Царкоўная унія была абвешчана на Фларэнтыйскім царкоўным саборы ў 1439 г. Мітрапаліт Ісідар (*каля 1380 i 1390–†1463) падпісаў акт уніі, а яго прамова на Саборы была ўключана ў рэлігійныя зборнікі.
Да аб’яднання з праваслаўнымі імкнуліся і каталікі. З гэтай мэтай Казімір Ягайлавіч (*1427–†1492) запрасіў у Польскае Каралеўства (1453) і ВКЛ (1468–1469) братоў-бернардынцаў, якія добра разумелі як праваслаўную, так і лацінскую пісьменнасць, і клапаціліся пра пашырэнне ідэй каталіцтва і уніі на русінскіх землях княства. У іх манастырах (у Вільнюсе, Полацку і інш.) былі бібліятэкі і скрыпторыі. Акрамя таго, тут у XV ст. былі зроблены пераклады некаторых мастацкіх твораў на русінскую мову: Жыціе Аляксея, Пакуты Хрыста і Аповесць пра трох каралёў, Аповесць пра рыцара Трыстана, Аповесць пра Баву.
Па замове праваслаўных, якія цікавіліся каталіцкімі абрадамі, тут былі створаны зборнікі каталіцкіх тэкстаў (малітв, папскіх бул) на русінскай мове. Кляштар бернардынцаў у Вільнюсе стаў і цэнтрам лацінскай пісьменнасці. Захаваліся перапісаныя ў 1469–1494 гг. манахам Амброзіем з Клодава Антыфанал і Градуал і інш. З бернардынцамі звязаны і самыя старажытныя вядомыя літоўскія тэксты – тлумачэнні (на палях, пасля слова і г.д.) і малітвы (датуюцца прыблізна 1520–1530).
Яшчэ адным буйным цэнтрам пісьменнасці ў ВКЛ стала акружэнне Палаца вялікіх князёў. У 1492 г. Аляксандр Ягелончык перанёс свой двор у Вільнюс, а гэта стала імпульсам для развіцця культуры краіны. Ён рэарганізаваў канцылярыю вялікага князя, пачаў парадкаваць дзяржаўны архіў – Літоўскую Метрыку, прыцягваў да кіравання краінай адукаваных людзей (як мясцовых, так і іншаземцаў). Канцылярыя стала месцам, дзе былі створаны некаторыя значныя помнікі пісьменнасці ВКЛ таго часу. У акружэнні вільнюскага ваяводы і вялікага канцлера Літоўскага Альберта Гоштаўта (*1480–†да 1539) быў створаны І Літоўскі Статут (пацверджаны ў 1528) і Сярэдні звод Літоўскага летапісу (II–III дзесяцігоддзі XVI ст.), для Вільнюскага біскупа Паўла Гальшанскага (*1490–†1555) была перапісана і ілюстравана мініяцюрамі Stemmata Polonica польскага гісторыка Яна Длугаша (*1415–†1480).
Ад правіцеля стараліся не адставаць і магнаты. У 1498–1501 гг. у Супраслі быў заснаваны манастыр, які стаў адным з самых буйных і важных цэнтраў рэлігійна-культурнага жыцця і стварэння рукапісных кніг. Яго дзейнасць актыўна падтрымлівалі магнат Аляксандр Хадкевіч (*1457–†1549), вялікі князь Аляксандр Ягелончык, а асабліва – мітрапаліт Іосіф ІІ Солтан (*каля 1450–†1521альбо 1522). Гэта быў адукаваны і шмат дзе пабываўшы чалавек. Ён спрабаваў рэгламентаваць царкоўны парадак у ВКЛ, імкнуўся ўпарадкаваць і абнавіць царкоўную праваслаўную пісьменнасць. Па яго ініцыятыве былі створаны новыя рэдакцыі Пролага (1512), Смарагда (пач. XVI ст.) і Номаканона (звода царкоўных і свецкіх законаў канца XVст.), перапісана Пяцікніжжа Маісея (1514). Уключаныя ў рэдакцыю Пролага зусім новыя агіяграфічныя тэксты: жыціі праваслаўнай святой ВКЛ Еўфрасінні Полацкай (23 мая), св. пакутнікаў Антонія, Іаана, Яўстафія (14 студзеня), таксама іншыя павучальныя тэксты – надаюць зборніку энцыклапедычны характар. Такім чынам ствараўся корпус жыцій праваслаўных святых ВКЛ. Для новай рэдакцыі Смарагда тэксты не толькі былі старанна адабраны і перапісаны з розных крыніц, але і сгрупаваны паводле аўтараў, гэта значыць, для стварэння ўнутранай кампазіцыі быў выкарыстаны новы для пісьменнасці ўсходніх праваслаўных манаграфічны прынцып. Мяркуецца, што да стварэння гэтых новых рэдакцый мог мець дачыненне і Мацей Дзесяты (†1507), які выкарыстоўваў вельмі падобны прынцып пры стварэнні ў Вільнюсе і Супраслі збору кніг Бібліі (1503–1507). На думку некаторых навукоўцаў, гэты збор кніг Старога Запавету мог быць прысвечаны праваслаўнай жонцы князя Аляксандра Алене (*1476–†1513), прыехаўшай у каталіцкую краіну. Такім чынам, праваслаўным ВКЛ стараліся стварыць поўны корпус сакральных – Старога і Новага Запавету – кніг, падобна лацінскім, якімі ў дзяржаве карысталіся каталікі.
Так на мяжы XV–XVI стст. рукапісная кніга як зместам, так і афармленнем адлюстроўвала грамадзянскія ўстаноўкі магнатаў і шляхты ВКЛ, якія выразіліся ў агульнасці матываў і падабенстве дзейнасці. Рукапісныя кодэксы, кнігі сталі адным з выражэнняў такой агульнасці. Падобнае разуменне кнігі, відаць, было перанята і Францыскам Скарынам – яго выданні маюць не толькі праваслаўную, але і каталіцкую арыентацыю.