Біблія Руска
Скарына і Чэхія. Біблія Руска / Ілья Лямешкін, Пётр Войт
З 1517 г. у Празе Скарына асобнымі часткамі выдаваў Стары Запавет. Дакладная колькасць выдадзеных у той час кніг невядомая. Скарына мог выдаць Святое Пісанне поўнасцю, аднак да нашых дзён дайшлі толькі 23 кнігі. Зразумець, ці выдавецкі праект быў завершаны паспяхова, складана таму, што Скарына пры друкаванні не прытрымліваўся прынятага парадку размяшчэння кніг Бібліі. Асобныя часткі ён друкаваў не па парадку, ад Alefa да Tava, а ў адпаведнасці з узроўнем падрыхтаванасці да друку кожнай, у залежнасці ад працы мастакоў, гравёраў, наборшчыкаў і друкароў. Мяркуецца, што пераклад усяго Старога Запавету быў завершаны да пачатку яго друку.
Біблія Руска пачалася з Псалтыра, таму што гэтая – самая папулярная – кніга Старога Запавету была запатрабавана часцей за іншыя і, як частка Старога Запавету, часта выкарыстоўвалася адна і асобна. Больш таго, Псалтыр Скарыны (надрукаваны 6 VIII 1517) ад іншых кніг Бібліі Рускай адрозніваецца і візуальна. Яе фармат меншы: на старонцы змяшчана па 20 радкоў, кожны з якіх складаецца з 34–38 літарак. У больш позніх кнігах на старонцы змяшчаецца ўжо па 22 радкі, у кожным з іх 44–48 літар. Для больш сціплага Псалтыра дастаткова было дзвюх гравюр так званага “Майстра Новага Запавету” (Mistr Nového zákona).
Згодна са звесткамі, змешчанымі ў калафоне (у канцы выдання), вымалёўваецца такі парадак з’яўлення асобных кніг:
6 VIII 1517 Псалтыр (142 ліст.)
10 IX 1517 Іоў (52 ліст.)
6 X 1517 Прытчы Саламона (48 ліст.)
5 XII 1517 Ісус Сірахаў (82 ліст.)
2 I 1518 Эклесіяст (18 ліст.)
9 I 1518 Песня песням (12 ліст.)
19 I 1518 Прамудрасць божая (32 ліст.)
10 VIII 1518 чатыры Царствы (242 ліст.)
20 XII 1518 Ісус Навін (48 ліст.)
9 II 1519 Юдзіф (26 ліст.)
15 XII 1519 Суддзі (48 ліст.)
З калафону немагчыма зразумець храналогію з’яўлення і гэтых кніг: Руф (8 ліст.), Эсфір (26 ліст.), Плач Ераміі (12 ліст.), Прарок Данііл (40 ліст.), Быццё (94 ліст.) i Другі закон (66 ліст.). Даты выхаду наступных частак Пяцікніжжа – Выхад (76 ліст.), Левіт (54 ліст.) i Лічбы (74 ліст.)– увогуле не ўказаны; як працяг Кнігі пачаткаў яны хутчэй за ўсё з’явіліся ў 1519 і (або) 1520 г.
У прадмове да Бібліі Рускай Скарына называе значна больш перакладзеных ім кніг. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што да нашых часоў не дайшло ад 3/10 да 4/10 тэкстаў Бібліі Рускай. Яны павінны былі скласці яшчэ 5 частак: кнігі Летапісаў, Эздры, Тавіта, Макавеяў і 16 прарокаў.
У 1517–1519 гг. Біблія Руска друкавалася ўсё больш хуткімі тэмпамі: у 1517 г. апублікаваны 324 лісты, у 1518 – 352, а ў 1519 – ад 254 да 524. Падлікі паказваюць, што Скарына здолеў бы закончыць свой праект да канца 1521 г. Часта выказваемае меркаванне, што, страціўшы фінансавую падтрымку, Скарына спыніў сваю дзейнасць і ўжо ў 1519 г. апынуўся ў Вільнюсе, мае мала падстаў. Надрукаваная ў 1519 г. агульная вокладка і агульная прадмова сведчаць, што друкар быў рашуча настроены выдаць увесь Стары Запавет. Ён быў выдатна падрыхтаваны да гэтай працы, не аднойчы ўпамінаў падрыхтаваныя да друку іншыя часткі Бібліі Рускай. Так што пра далейшы – друку ў Вільнюсе – перыяд можна гаварыць, пачынаючы з пачатку 1522 г. Да гэтага Скарына меў дастаткова часу ажыццявіць усю сваю высакародную задуму.
Так думаць прымушае яшчэ адна прычына. Ёсць звесткі пра рукапісныя копіі так званых ненадрукаваных кніг Бібліі Рускай. Напрыклад, Біблію Рускую ў 1569 г. перапісаў такі Лука з Цярнопаля. У яго копіі, якая, на жаль, загінула ў Варшаве ў 1944 г., былі тэксты, друкаваныя варыянты якіх сёння невядомыя. Гэта дзве кнігі Летапісаў, чатыры – Эздры i кніга Тавіта. Другую важную копію ў 1575–1577 гг. падрыхтаваў Дмітр з Жынкава (адна частка яго рукапісу захоўваецца ў Львове, другая – у Санкт-Пецярбургу). У яе ўваходзяць і добра вядомыя тэксты скарынаўскіх выданняў, і кнігі Летапісаў, Эздры, Тавіта, 16 прарокаў і Макавеяў (нават з аўтарскімі прадмовамі!). Можна не сумнявацца, што новыя адкрыцці, якія ўсё яшчэ маюць месца, удакладняць колькасць выдадзеных у 1517–1521 гг. у Празе кніг.
Кнігі каталіка Скарыны прызначаліся праваслаўным ВКЛ. Пра гэта яскрава сведчыць Псалтыр, у якім, як прынята Усходняй Царквой, 150 песень падзелены на 20 раздзелаў, акрамя таго, дадаткова ўключаны 151 псалом. Аснову Старога Запавету складае традыцыйны біблейскі тэкст на царкоўнаславянскай мове. У ім адчуваецца ўплыў русінскай мовы. У прадмовах і пасляслоўях русінскія элементы сустракаюцца часцей.
Збіраючыся перакладаць Біблію Руску, Скарына абапіраўся галоўным чынам на Святое Пісанне, выдадзенае на чэшскай мове ў 1506 г. у Венецыі – Biblij Cžeská w Benátkach tissťená (Venecija: Petr Liechtenstein, 12 V 1506). Яго з Вульгаты пераклалі постгусіты. З прычыны высокай паліграфічнай якасці і выдатнага перакладу гэтую Біблію вельмі доўга лічылі сваёй не толькі пратэстанты.
Скарына, які ў Кракаве вывучаў свабодныя мастацтвы, у Падуі атрымаў ступень доктара медыцыны, цудоўна ведаў кніжную культуру сваёй эпохі. Да шматвяковай традыцыі пісьменнасці ВКЛ ён прышчэплівае кніжны канон ранняга італьянскага Рэнесансу. Гэта ён робіць паспяхова і прафесійна. Скарына быў стваральнікам усёй велічнай канструкцыі Святога Пісання русінаў – тэкставай і метатэкставай, друкарскай і мастацкай.
Ацэньваючы Біблію Руску, неабходна звяртаць увагу літаральна на ўсё, таму што ў выданнях Скарыны няма дробязяў, якія б ён грунтоўна не абдумаў. Вазьміце хаця б і прыгожы, лёгка чытаемы скарынаўскі шрыфт. Яго памер вельмі зручна мяняецца ў залежнасці ад функцыянальнага прызначэння тэксту. Надрукаваную ім кнігу вельмі лёгка чытаць: асноўны тэкст прыгожа адрозніваецца ад заўваг, назваў, раскрываючых змест спасылак і да т.п. У тыя часы гэта не было агульнапрынятым, звыклым для ўсіх. Яшчэ, каб зручней было чытачам, Скарына пранумараваў старонкі – да яго ў выдадзеных кірыліцай кнігах ніхто гэтага не рабіў. Важная “арнаментыка тэксту” – яе складае галерэя аж са 108 ініцыялаў. Ініцыялы стварылі два мастакі, а іх рукі таксама “накіроўваў” Скарына. Канцэпцыю рэнесансавай кнігі ідэальна адлюстроўвае афармленне: з густам падабраныя застаўкі, віньеткі і рамкі. Пералік не будзе поўным без цыкла ілюстрацый апавядальнага характару і партрэта самаго выдаўца. Тут таксама паўсюль увачавідкі раскрываецца скарынаўская думка і ажыццёўленая ім канцэпцыя кнігі.На думку некаторых даследчыкаў, прызначаная ВКЛ Біблія Руска складае асобны перыяд у гісторыі чэшскай кнігі, таму што ўзняла кніжную культуру Чэхіі на больш высокі ўзровень. Выданні Скарыны 1517–1519 гг. па праву лічыліся значнымі багемскімі помнікамі (významná bohemikální památka). Даследчыкі гісторыі кнігі надаюць ім выключнае месца сярод названых раней Венецыянскай Бібліі і так званай Бібліі Северына (Biblij Cžeska w starem miestije Prazskem wytisstiena, Praha: Pavel Severýn z Kapí Hory, 5 V 1529). Этапу ілюстравання Чэшскай Бібліі, з якім непарыўна звязана фігура асветніка з ВКЛ, уласціва намнога большая апавядальнасць, дэталізацыя і рэалістычнасць. Акрамя таго, працы Скарыны вялі да шырокага распаўсюджвання біблейскіх ілюстрацый у выданнях сакральнай літаратуры. У якасці ўдалага прыкладу можна прывесці гравюру “Стварэнне свету” (1519): у строга кананізаваную сцэну чацвёртага дня стварэння свету тут уведзены ўласцівы Бібліі Скарыны яго асабісты знак – маладзік на фоне сонца.Цыкл ілюстрацый Бібліі Рускай вядомы надрукаваным у 1517 г. партрэтам Скарыны. Гэтая ксілаграфія Бібліі Рускай уяўляла сабой партрэт яе стваральніка, прыватнай асобы. Гэта быў крок, які не меў аналагаў – асабліва ў афармленні Бібліі. Ён засведчыў самапавагу Скарыны як выключнай асобы эпохі Рэнесансу. Дарэчы, фігуру знакамітага палачаніна можна заўважыць і на другой ілюстрацыі, змешчанай у 1518 г. у кнізе Прамудрасці божай. Мастак свабодна інтэрпрэтаваў гравюру Альбрэхта Дзюрэра “Бачанне сямі светачаў” (Апакаліпсіс). На іканаграфіі Спас Уседзяржыцель (Christus Pantocrator) паказаны юнак, які стаіць на каленях – апостал Іаан. Ён апрануты ў мантыю навукоўца, а з твару напамінае Скарыну.У Бібліі Рускай ёсць больш пазнаваемых твараў. У першую чаргу гэта правіцелі Еўропы. Да нашых дзён дайшло шмат іх партрэтаў, створаных рознымі мастакамі, таму нескладана іх тут ідэнтыфікаваць. Перш за ўсё, можна ўспомніць ілюстрацыю 1519 г. “Майсей перад народам”. Наперадзе выбранага народу тут стаяць, захоўваючы храналагічны парадак, чэшскія каралі (зправа): Йіржы з Падэбрад (Jiří z Poděbrad, *23 IV 1420–†23 III 1471), Уладзіслаў ІІ Ягелон (Vladislav II Jagellonský, *1 III 1456–†13 III 1516) і Людвік ІІ Ягелон (Ludvík II Jagellonský, *1 VII 1506–†29 VIII 1526). Уладзіслава ІІ таксама лёгка пазнаць на ілюстрацыі “Саламон размаўляе з царыцай Саўскай” (10 VIII 1518). Паміж Саламонам, г. зн. Уладзіславам ІІ, і царыцай Саўскай знаходзіцца былы канцлер Чэшскага каралеўства Ладзіслаў з Штэрнберка (Ladislav ze Šternberka na Bechyni, *1480–†1521). Той самы Уладзіслаў з сынам Людвікам паказаны ў сцэне “Суд Саламона” (6 X 1517): выява бацькі знаходзіцца ў цэнтры гравюры (за яго спіной відаць той самы канцлер Чэхіі), а сын, як мудры Саламон, сядзіць на троне. У сцэне “Памазанне Давіда” (10 VIII 1518) на дарогу апусціўся Людвік; яго благаслаўляе Самуіл. Індывідуалізаваны твар пастаяннага персанажа напамінае папу Юліяна ІІ.На старонках Бібліі Рускай ёсць яшчэ шмат таямнічых, інтрыгуючых рэчаў. Яны і сёння ўсё яшчэ чакаюць уважлівых даследчыкаў і адкрывальнікаў, здольных не толькі разгадаць усе тайны Бібліі Рускай, але і зрабіць актуальным гэты ўсё яшчэ занадта мала вядомы помнік сакральнай літаратуры ВКЛ і Чэхіі.